ЗАТО́НСКАГА КАМІ́СІЯ,

камісія, накіраваная ЦКК ВКЛ(б) для абследавання практыкі правядзення нац. палітыкі ў БССР. Знаходзілася ў Беларусі з 9.5 да 27.6.1929. Узначальваў старшыня ЦКК Кампартыі Украіны У.​П.​Затонскі. Зрабіла даклад, які ўключаў эканам. агляд, стан і перспектывы развіцця мястэчак, палітыка-асв. работу ў БССР, выдавецкую дзейнасць, пытанні беларусізацыі, стан прэсы, навук. думкі ў гуманітарнай галіне. Характарыстыкі камісіі вызначаліся катэгарычнасцю. Крытычна ацэньвалася «Гісторыя Беларусі» У.​М.​Ігнатоўскага за ідэалізацыю мінулага і папулярызацыю нашаніўскага адраджэння, навук. дзейнасць В.​Ю.​Ластоўскага, С.​М.​Некрашэвіча, Я.​Лёсіка, Б.​І.​Эпімах-Шыпілы і інш., выказаны крытычныя заўвагі ў адрас Я.​Купалы, А.​Дудара, М.​Зарэцкага. Пад жорсткую крытыку трапіў З.​Х.​Жылуновіч за грамадска-паліт. і эстэт. погляды, літ. практыку; негатыўна ацэнена і дзейнасць кіраўнікоў рэспублікі: старшыні ЦВК БССР А.​Р.​Чарвякова [за выступленне ў лют. 1920 на VII з’ездзе КП(б)Б у абарону нац. інтэлігенцыі], наркома асветы БССР А.​В.​Баліцкага (за правядзенне ў ліст. 1926 разам з Ігнатоўскім акад. канферэнцыі па бел. правапісе), наркома земляробства Дз.​Ф.​Прьшічэпава і інш. Характарыстыка практыкі правядзення нац. палітыкі ў БССР увязвалася са станам сельскай гаспадаркі. Адзначалася, што кулацкае наступленне на ідэалаг. фронце Беларусі адчуваецца найб. моцна і змест яго прымае нац. формы. 27.6.1929 Затонскі выступіў на Бюро ЦК КП(б)Б з асн. вывадамі камісіі. Даклад быў накіраваны ў ЦК і ЦКК ВКП(б), у т. л. асабіста І.​В.​Сталіну. Вывады камісіі паслужылі важкай падставай для абвінавачванняў, якія былі прад’яўлены бел. навук. і творчай інтэлігенцыі ў канцы 1920-х г.

М.​П.​Касцюк.

т. 7, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)